Адкрыццё выставы “Таямніцы старых пераплётаў” у Новым замку

Вярнуцца да падзей
10 жнівень

10 жніўня ў Сенатарскай зале Новага замка адкрылася выстава “Таямніцы старых пераплётаў”, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Наш музей мае адну з найбагацейшых на Беларусі калекцый старых кніг. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены 150 рэдкіх і ўнікальных выданняў 15–18 стст., надрукаваных ў розных гарадах – найбуйнейшых цэнтрах кнігадрукавання Заходняй Еўропы і Рэчы Паспалітай. На выставе можна даведацца, як рабілі ў мінулыя стагоддзі паперу, як друкавалі кнігі, як рабілі пераплёты. А ўладальніцкія адзнакі – суперэкслібрысы і экслібрысы – паведаюць аб тым, з чыіх бібліятэк паходзяць гэтыя кнігі. Прыгожыя пераплёты, багата гравіраваныя тытульныя лісты, размаляваныя ўручную ілюстрацыі, тонка выкананыя гравюры, разнастайныя дасканалыя шрыфты – мастацтва старажытнага друку нікога не пакіне абыякавым.