«Але толькі чаму ж так малы гэты час…» (да 105-годдзя з дня смерці М.Багдановіча)

Вярнуцца да падзей
27 май

24 мая ў Музеі Максіма Багдановіча адбылося мерапрыемства «Але толькі чаму ж так малы гэты час…» з нагоды дня памяці паэта. 25 мая 1917 г. у Ялце перастала біцца сэрца «песняра чыстай красы», «паэта паўтонаў», аўтара адзінага прыжыццёвага зборніка «Вянок» і самага маладога класіка беларускай літаратуры.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел пісьменнікі гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», студэнты педагагічнага факультэта УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы», вучні ДУА «Дзіцячая музычная школа мастацтваў №1 імя Ю.В.Семянякі г.Гродна», паэты гродзенскага літаратурнага аб’яднання «Надзея», удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання «Клуб арганізаваных бардаў».

З уласнымі вершамі, прысвечанымі Максіму Багдановічу ці напісанымі пад уплывам яго творчасці, выступілі: Людміла Антонаўна Кебіч – пісьменніца, перакладчык, старшыня гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык – пісьменнік, намеснік старшыні, Браніслаў Іосіфавіч Ермашкевіч – паэт, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Святлана Валянцінаўна Глямбоцкая – кіраўнік гродзенскага літаб’яднання «Надзея», Людміла Уладзіміраўна Мілоста – паэтэса, член гродзенскага літаб’яднання «Надзея».

У выкананні ўдзельнікаў «Клуб арганізаваных бардаў» Таццяны і Паўла Салаёўвых прагучалі песні «Прошласць» (аўтар Я.Нагавіца, пераклад на беларускую мову П.Салаўёва) і «Маё каханне» (муз. Т.Салаўёвай, сл. Л.Кастэнка).

Цёплы вясновы настрой гасцям падарылі вучні ДУА «Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1 імя Ю.В.Семянякі г. Гродна». Песню «Как жизнь без весны…» (з кінафільма «Гардэмарыны, наперад!») выканаў Максім Кейзер. Прызнаннем у любові да роднага краю прагучала песня «Беларусь мая» (на словы Э.Агняцвет) у выкананні Рамана Бярнацкага. Надзвычай цёпла сустрэлі слухачы самую маленькую ўдзельніцу мерапрыемства Яраславу Куроўскую, якая праспявала «Старый рояль» (з кінафільма «Мы из джаза»). Да выступлення дзяцей падрыхтавала настаўнік вакалу Наталля Зігмандаўна Жалкоўская.

Вершы Максіма Багдановіча прачыталі студэнты 3 курса педагагічнага факультэта УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт Я.Купалы»:  Краўчанка Сафія, Сыч Анастасія, Лаўнік Марыя, Чаравач Наталля, Фамко Лізавета, Савіцкая Вікторыя і Янкоўская Сафія, Байрашэўская Таццяна.

Курыравала падрыхтоўку студэнтаў старшы выкладчык кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Святлана Дзмітрыеўна Грынько. Для гасцей мерапрыемства правялі віктарыну, на якой прапанавалі выканаць розныя заданні.

Напарыканцы мерапрыемства ўсе разам прачыталі верш Максіма Багдановіча «Маёвая песня» На памяць аб гэтай цёплай вясновай сустрэчы кожны атрымаў у падарунак “сінякрылага” матылька-арыгамі.