Міжнародны дзень зубра адзначаецца штогод 30 верасня. Гэта экалагічнае свята з’явілася ў 2015 г., каб прыцягнуць увагу да неабходнасці абароны гэтай незвычайнай жывёлы і яе асяроддзя пражывання. Зубр – гэта не проста самая вялікая млекакормячая жывёла Еўропы, але і сапраўдны жывы сімвал Беларусі, які ўвасабляе сілу, веліч і незалежнасць беларускага народа.
Надзвычай важнае значэнне зубра для Гродзеншчыны знайшло непасрэднае адлюстраванне ў геральдыцы. Постаць зубра ў XIX ст. з’яўлялася галоўным элементам герба Гродзенскай губерні, а сёння залаты зубр упрыгожвае герб Гродзенскай вобласці. Гэта сведчыць аб непарыўнай сувязі пакаленняў і прызнанні важнасці гэтай жывёлы як сімвала нашага краю.
У фае Новага замка з 29 верасня па 11 кастрычніка будзе працаваць часовая экспазіцыя “Песня пра зубра” (да Міжнароднага дня зубра). На ёй прадстаўлены жывапісныя творы, вырабы са шкла, рэдкія кнігі і іншыя рарытэты, якія адлюстроўваюць вобраз магутнага жыхара пушчы. Сярод іх унікальныя экспанаты: кніга Г. Карцова “Белавежская пушча” (1903 г.), нагрудны знак сельскага старасты і кукарда чыноўніка Гродзенскай губерні 2-й паловы ХІХ ст.






