Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Чытаем Багдановіча разам”

Вярнуцца да падзей
13 снежань

Дзявятага снежня 1891 г. нарадзіўся чалавек надзвычайнага таленту і незвычайнага лёсу. Ад прыроды яму было дадзена таленту столькі, што ў свае юнацкія гады ён змог здзівіць сучаснікаў паэтычнай сталасцю.

9.12.2022 г. споўніўся 131 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. “131” – люстраная лічба, магічная і чароўная, як і ўся творчасць паэта. Ён пісаў аб прыгажосці мастацтва, прыроды, жанчыны, паэтызаваў мацярынства, захапляўся вобразам Мадонны, шчыра любіў сваю радзіму.

Падрыхтоўка да святкавання дня нараджэння М.Багдановіча распачалася ў лістападзе, калі супрацоўнікі музея аб’явілі літаратурна-музычную акцыю “Чытаем Багдановіча разам”. Праз электронную пошту музея былі прыняты 33 відэаролікі з розных навучальных устаноў і працоўных калектываў г.Гродна, ёсць удзельнікі з г.Масты, аг.Скрыбаўцы і нават з г.Гомеля.

Прагляд відэаролікаў даступны па спасылцы: спасылка 

“Вянок” – адзінае прыжыццёвае выданне твораў паэта. Гэта не проста зборнік, а цэласная кніга паэзіі. “Кніжка …зусім маладая”, –так адзначыў сам паэт. Максім Багдановіч напісаў кнігу, калі яму было ўсяго 17-20 год, з паловы 1909 г. да паловы 1912 г. Гэта быў час імклівага росту паэта, а ў кнізе “сапраўды ёсць і творчасць, і натхненне, і сур’ёзная праца”.

  • Вы, хто любіце натрапіць
  • Між страніц старых, пажоўклых
  • Кнігі, ужо даўно забытай,
  • Блеклы, высахшы лісток,
  • Праглядзіце гэты томік:
  • Засушыў я на паперы
  • Краскі, свежыя калісьці,
  • Думак шчырых і чуцця.
  • М.Багдановіч.

У святочным мерапрыемстве “Чытаем Багдановіча разам” (назва якога з’яўляецца аднайменнай з назвай літаратурна-музычнай акцыі) прынялі ўдзел:

  • *пісьменнікі гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” (Людміла Кебіч, Дзмітрый Радзівончык, Анатоль Апанасевіч, Ганна Скаржынская-Савіцкая), спецыяліст абласнога аддзялення Ніна Домань, маладая паэтэса Кацярына Каламійцава-Ігнацюк;
  • *прадстаўнікі гродзенскага літаратурнага аб’яднання “Надзея” (Святлана Глямбоцкая, Лілія Шалешка, Святлана Барнавалава);
  • *выкладчыкі УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы” (дацэнт, член СПБ Аліна Сабуць, дацэнт Анатоль Брусевіч) і студэнты – Сяргей Яромчык (факультэт біялогіі і экалогіі), Цімацей Міхаіловскі (юрыдычны факультэт), Дар’я Ляцэвіч (філалагічны факультэт), Вольга Навіцкая (філалагічны факультэт), Аляксандра Лейко (філалагічны факультэт). Курыравала падрыхтоўку студэнтаў да выступленняў намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта Святлана Мардзечка;
  • *мастацтвазнаўца, член гродзенскага абласнога аддзялення “Саюз мастакоў Беларусі” Марына Загідуліна”;
  • *інструктар гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Алена Міхневіч;
  • *вучні школ г.Гродна – Анастасія Чарнецкая (10 “Б” клас ДУА “Сярэдняя школа № 13”), Яўген Рапінчук (8 “0” клас ДУА “Гімназія № 4”);
  • *супрацоўнікі УА “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт” – Таццяна Іванова (спецыяліст кафедры фізічнай культуры і спорту), Марына Камінская (спецыяліст па рэдагаванні аддзела па сувязях з грамадскасцю і маркетынгу).

Бліскуча “ажывілі” мерапрыемства “Чытаем Багдановіча разам” музыканты: Паліна Абрамовіч (УА “Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж”, клас выкладчыка Уладзіміра Захарава) і Лю Вэй (факультэт мастацтваў і дызайну ГДзУ імя Я.Купалы, клас дацэнта Уладзіміра Захарава), Яўген Рапінчук (ДУА “Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1 імя Ю.В.Семянякі”, клас выкладчыка Віталія Шылы).

Аўтар і выканаўца, бард, кіраўнік клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Аляксандр Закрэўскі падчас мерапрыемства выканаў песні на словы М.Багдановіча “Прывет табе, жыццё на волі…”, “Халоднай ноччу я ў шырокім цёмным полі…”. Студэнтка філалагічнага факультэта ГДзУ імя Я.Купалы Аляксандра Лейко праспявала песню “Па-над белым пухам вішняў…” (словы М.Багдановіча). Як завяршаючы акорд мерапрыемства “Чытаем Багдановіча разам” прагучаў твор “Скандынаўская” М.Багдановіча ў выкананні Алены Рапінчук (загадчыка літаратурнага аддзела ГДГАМ) і Дзмітрыя Радзівончыка (намесніка старшыні гродзенскага абласнога аддзялення СПБ).

Ніжэй прапануем паглядзець фотасправаздачу мерапрыемства “Чытаем Багдановіча разам”.