Літаратурна-музычнае мерапрыемства «Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці, і душы мацярэй нас могуць чараваці…»

Вярнуцца да падзей
22 май

21 мая 2019 года Музей Максіма Багдановіча запрасіў гродзенскіх паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, музыкантаў, студэнтаў, навучэнцаў і проста аматараў паэтычнага слова стаць гасцямі і ўдзельнікамі літаратурна-музычнага мерапрыемства «Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці, і душы мацярэй нас могуць чараваці…».

Вершы, у якіх паэт дзеліцца радасцю маладосці, успамінамі аб першым каханні, разважае над трагічнасцю кахання, з цеплынёй і пяшчотай спрабуе зазірнуць у думкі жанчыны-маці, прагучалі ў выкананні студэнтаў філалагічнага факультэта УК «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы» –  Ангеліны Брусянковай, Ганны Санько, Лізаветы Гайдукевіч, Мілены Васілеўскай, Анжэлікі Якаўчук, Ганны Пугачэўскай, Алесі Касцюк, Карыны Захарчанкі, Ульяны Мыслівец, Андрэя Страка («Маладыя гады», «Ізноў пабачыў я сялібы», «У полі дзікім і апусцелым», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі…», «Осенью», «Учора шчасце толькі глянуля нясмела», «Тым вянкі суровай славы», «Вераніка», «У вёсцы»). Вельмі прыемна, што студэнтаў падрыхтавала да ўдзелу ў мерапрыемстве кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ляскевіч Святлана Георгіеўна.

Паэзія Максіма Багдановіча напоўнена вытанчанымі мелодыямі. У выкананні навучэнцаў УА «Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж камунальнай гаспадаркі» Руслана Бекяшова (вакал) і Паўла Кавальчука (гітара) прагучала музычная кампазіцыя  «Запяі мне песню…» на словы Ларысы Геніюш, а песня «Твае карыя вочы» (з рэпертуара сучаснага выканаўцы Ахра) ўразіла ўсіх прысутных дзяўчат і жанчын.  Кранальным падарункам усім мамам у свеце стаў кліп і песня «Мама», якую выканаў Руслан Бекяшоў.

Незабыўныя эмоцыі падаравалі гасцям Таццяна і Павел Салаўёвы. Таццяна і Павел – удзельнікі Клуба (Не)Арганізаваных Бардаў, лаўрэаты фестываляў «Інтэрнацыянальнасць» у Кіеве, «Славянская ліра» ў Мінску, «Музыка сэрцаў» у Навагрудку і «Сонечны» ў Кобрыне. На нашым мерапрыемстве яны выканалі некалькі кампазіцый, і ад песні да песні слухачы перажылі цэлую палітру разнастайных эмоцый.

У тым, што паэзія – гэта сапраўды музыка для душы, упэўнілі ўсіх прысутных члены Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: паэт, пісьменнік, літаратурны крытык Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык (намеснік старшыні), паэт, публіцыст, бард, блогер Анатоль Уладзіміравіч Апанасевіч, паэт Браніслаў Іосіфавіч Ермашкевіч, паэт, аўтар кніг для дзяцей Віктар Сямёнавіч Кудлачоў.

Апошні верш на зямлі ніколі не будзе напісаны … пакуль існуюць каханне, любоў і надзея на тое, што жадаемае збудзецца. Свае цудоўныя вершы прадставілі слухачам члены Гродзенскага літаратурнага аб’яднання «Надзея»: Святлана Валянцінаўна Глямбоцкая (кіраўнік), Аляксандр Захаравіч Рабыкін, Наталля Васільеўна Озерава.

Дзякуй усім гасцям і ўдзельнікам за шчырыя словы, натхненне, святочную атмасферу, асалоду душы!