Мерапрыемства «Прыгожа літары выводзіць ён пяром…»

Вярнуцца да падзей
16 люты

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча падрыхтавалі і правялі мерапрыемства «Прыгожа літары выводзіць ён пяром…» для вучняў 5 «Б» класа ДУА «Гімназія № 10 імя Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) г. Гродна».

Падчас мерапрыемства вучні сустрэліся з дзіцячай пісьменніцай Ганнай Іосіфаўнай Скаржынскай-Савіцкай. Ганна Іосіфаўна з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва 2014 года», лаўрэатам прэміі імя А.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» ў намінацыі «Пісьменнік года-2014», лаўрэатам Трэцяга абласнога конкурса рукапісаў імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч) у намінацыі «Дзіцячая літаратура» (2020).

Пісьменніца пазнаёміла школьнікаў са сваімі кнігамі «А ў нас зорны час», «Сёма і адзінка», «Жамчужына роднага краю», «Маме я нясу букецік», «Кветка  малой Радзімы», «Казкі чамучкі», «Вечарынка», «Прыгоды хамячка Тошкі»,  прачытала дзецям вершы, загадала загадкі і дала карысныя парады.

У другой часцы мерапрыемства дзеці пісалі сапраўднымі пёравымі ручкамі. У вучняў была магчымасць напісаць сваё імя, словы «мова» і «мама», пажаданні і віншаванні для сваіх родных.

У завяршэнні мерапрыемства быў зроблены агульны фотаздымак на памяць. Ганна Іосіфаўна падпісала свае кніжкі, дзеці атрымалі аўтографы пісьменніцы. Цёплая сустрэча пакінула прыемныя ўспаміны.