Мерапрыемства “Жыццё чуваць з усіх старон…”

Вярнуцца да падзей
26 май

25 траўня 2017 г. адбылося літаратурна-музычнае мерапрыемства “Жыццё чуваць з усіх старон…”, прымеркаванае да 100-годдзя з дня смерці класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні УА “Гімназія №2 г.Гродна” (настаўнік беларускай мовы і літаратуры Л.Л.Вашкевіч), УА “Сярэдняя школа №12 г.Гродна” (настаўнік беларускай мовы і літаратуры П.М.Ушкевіч), студэнты УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”,  кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГДзУ імя Я.Купалы А.Э.Сабуць, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Д.М.Радзівончык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры замежных моў ГДзУ імя Я.Купалы С.Г.Ляскевіч.

Кожны ўдзельнік і госць мерапрыемства атрымаў у падарунак ад супрацоўнікаў музея кветку – васілёк. Дзякуючы менавіта Максіму Багдановічу вобраз кветкі – васілька – становіцца адметным патрыятычным сімвалам беларусаў, сімвалам высокай духоўнасці народнага мастацтва.

У пачатку мерапрыемства прагучала беларуская народная песня “Купалінка”, якую выканала сям’я Даўгаполікаў – Ларыса (маці), Альжбета (дачка), Дзмітрый (сын) – і Кацярына Гаргун.

Цёпла і ўзнёсла прачытала апавяданне М.Багдановіча “Музыка” вучаніца 10“В” кл. гімназіі № 2 Яніна Дзіўнэль, глыбока і пранікнёна гучала скрыпка ў руках студэнткі філалагічнага факультэта ГДзУ імя Я.Купалы Альжбеты Даўгаполік.

Колькі б глыбокіх і прачулых слоў не было сказана і напісана пра Максіма Багдановіча, нельга сказаць аб ім лепш, чым яго вершы. Бліскуча прачыталі вершы паэта:

  • “Цемень” – Каміла Шуміла (вучаніца 10 “Г” кл. гімназіі № 2),
  • “Мае песні” – Ульяна Агеева (вучаніца 10 “В” кл. гімназіі № 2),
  • “Раманс” (“Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”) – Аляксандр Кaпуста (вучань 6“Б” кл. СШ № 12),
  • “Раманс” (“Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”) на французскай мове – Валерыя Раманава (студэнтка факультэта гісторыі, камунікацый і турызму ГДзУ імя Я.Купалы),
  • “Слуцкія ткачыхі” – Крысціна Скаленка і Рэната Чулада (вучаніцы 9“Б” кл. СШ № 12),
  • “Слуцкія ткачыхі” на англійскай мове – Дзмітрый Даўгаполік (студэнт філалагічнага факультэта ГДзУ імя Я.Купалы).

Пра вобраз Мадонны ў мастацтве жывапісу і мастацтве паэтычнага слова Максіма Багдановіча паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік музея Кацярына Багдановіч.

Жадаючыя выцягнулі з чароўнай торбачкі карткі з надрукаванымі радкамі ўрыўка з паэмы М.Багдановіча “У вёсцы” і па чарзе прачыталі ўголас:

Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці,

I душы мацярэй нас могуць чараваці;

Вышэйшая краса – ў іх злітнасці жывой!

Артысты-маляры схіляліся прад ёй,

Жадаючы з’явіць цераз свае халсціны

Пачуцці мацеры ў вобліку дзяўчыны.

Красы тэй сімвалам, Маць-Дзева, стала ты, –

I глянулі твае з-пад пэндзаляў чэрты.

3 таёмным трэпетам на іх я пазіраю,

А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю.

У часе мерапрыемства госці ўбачылі міні-пастаноўку паводле апавядання М.Багдановіча “Апокрыф”, стылізаваную пад размову Ісуса Хрыста з святым Пятром. Выканаўцы ролей – Міхаіл Шапель, Павел Дземеш, Аляксей Ярашэвіч, Кірыл Эйсмант (вучні 10 “Г” кл. гімназіі № 2).

Сонца паэзіі Максіма Багдановіча ўзышло, каб свяціць вякамі, каб свяціць нязгасна, каб саграваць цяплом і святлом душы ўсіх яго нашчадкаў, а душы гасцей мерапрыемства “Жыццё чуваць з усіх старон…” былі сагрэты песнямі на словы М.Багдановіча “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…” і “Слуцкія ткачыхі” ў выкананні Альжбеты і Дзмітрыя Даўгаполікаў.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства былі ўзнагароджаны памятнымі дыпломамі.