Падарунак аддзелу рэдкай кнігі

Вярнуцца да падзей
20 снежань

Кнігазбор Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея папоўніўся яшчэ адным каштоўным экзэмплярам. Гэта факсімільнае выданне першага ў свеце “Буквара” на славянскай мове.

На сённяшні дзень захавалася толькі два экзэмпляры старажытнага “Буквара”, які быў выдадзены 24 ліпеня 1618 года ў тыпаграфіі Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Еўі пад Вільняй (зараз літоўскі горад Вевіс). Да 400-годдзя гэтай падзеі Нацыянальная бібліятэка Беларусі рэалізавала міжнародны навуковы праект па факсімільным узнаўленні “Буквара”. Выданне ўключае тры кампактныя томікі: факсіміле “Буквара” 1618 года, яго пераклад з царкоўнаславянскай на беларускую мову і зборнік гісторыка-культурных даследаванняў гэтага ўнікальнага помніка асветніцкай справы.

Падчас прэзентацыі кнігі ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага ініцыятар праекта намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Аляксандравіч Суша перадаў загадчыцы аддзела рэдкай кнігі музея Алене Станіславаўне Развановіч футарал з каштоўным выданнем.