Новыя загадкі Старога Замка

Вярнуцца да падзей
9 Лістапад

Раскопкі на Старым замку працягваюць прыемна здзіўляць новымі артэфактамі. Так была знойдзена плінфа – цэгла, з якой будаваліся храмы і свецкія будынкі ў ХІІ-ХІІІ ст. на тэрыторыі Гродна. Цікавасць уяўляе тое, што на плінфе выразна бачны літары кірылічнага алфавіту. Што гэта быў за надпіс, яшчэ давядзецца выявіць. Дадзеная плінфа была выкарыстана паўторна ў канцы XIV ст. пры будаўніцтве нейкага памяшкання, прызначэнне якога пакуль застаецца невядомым. Будынак не ўзгадваецца ў інвентарах і не з’яўляецца на графічных выявах, аднак яго выяўленне дазволіць па-іншаму зірнуць на выгляд унутранага двара княскага замка ў адзначаную эпоху. Між іншым, менавіта ў гэтай пабудове была знойдзена шахматная фігурка-ладдзя, адзін з самых сенсацыйных артэфактаў з раскопак гэтага сезону. Ці існаваў на замкавай гары шахматны клуб, давядзецца выявіць даследчыкам.