Пайшла з жыцця Ванда Іванаўна Шоцік – першы загадчык аддзела рэдкай кнігі

Вярнуцца да падзей
3 жнівень

Сёння не стала Ванды Іванаўны Шоцік, якая стварыла і доўгі час узначальвала аддзел рэдкай кнігі нашага музея. Пайшла з жыцця яркая, незвычайна эрудзіраваная і шматбаковая асоба, прафесіянал экстра-класа, творчы, актыўны, прыгожы чалавек. Яна прыйшла ў музей у 1989 г. у новаствораны аддзел гісторыі КПЗБ. З энтузіязмам занялася зборам матэрыялаў: шмат ездзіла па вобласці, сустракалася з былымі КПЗБоўцамі, збірала дакументы і фотаздымкі, стварыла фотавыстаўку да 50-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Але музейныя планы змяніліся, і ў 1991 г. В. І. Шоцік узначаліла аддзел рэдкай кнігі. Ванда Іванаўна адразу стала наладжваць сувязі: з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, бібліятэкамі Літвы і Польшчы, уводзіць музейны кнігазбор у навуковы абарот, чытаць лекцыі. Яна пісала артыкулы і выступала на канферэнцыях, прапагандавала работу аддзела ў СМІ. Аддзел пад кіраўніцтвам В. І. Шоцік стварыў шэраг цікавых кніжных выстаў, выдаў каталог самых старых кніг музея.

У 2003 г. Ванда Іванаўна Шоцік пайшла на заслужаны адпачынак. Але яна працягвала цікавіцца справамі аддзела, прыходзіла на выстаўкі, не забывала павіншаваць калектыў з Міжнародным днём музеяў.

Такіх інтэлігентных і захопленых працай людзей, як Ванда Іванаўна Шоцік, заўсёды нешмат, іх не хапае, як паветра. І развітанне з імі – заўсёды балючая страта.

Супрацоўнікі музея смуткуюць і выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім.