Пайшоў з жыцця Алег Міхайлавіч Фёдараў

Вярнуцца да падзей
22 Кастрычнік
Не стала Алега Міхайлавіча Фёдарава, які працаваў у музеі 47 гадоў. Атрымаўшы ў радах
Узброеных Сіл ваенную спецыяльнасць «Тэхніка па фотаабсталяванні самалётаў», ён
прыйшоў працаваць у музей фатографам. У яго працоўнай кніжцы толькі два запісы: у
1951 г. аб залічэнні ў штат музея і ў 1998 г. аб звальненні ў сувязі з выхадам на заслужаны
адпачынак.
У абавязкі Алега Міхайлавіча ўваходзіла фарміраванне музейных калекцый фотаздымкаў і
негатываў на фотаплёнцы. У складзе археалагічных экспедыцый ён займаўся
фотафіксацыяй знаходак непасрэдна на месцы іх выяўлення. Вырабляў мноства фотакопій
для афармлення экспазіцый і фотавыставак. Іншым разам, калі гэтага патрабавалі ўмовы
мастацкага рашэння, іх памеры маглі дасягаць 2 кв.м. Фотакопіі вырабляў і для
ілюстравання музейных выданняў. Выдатна рабіў копіі, як ён казаў, «выцягваў», нават з
самых безнадзейных старых і няякасных здымкаў. Выязджаў у раёны вобласці для
фатаграфавання ландшафтаў, прамысловых прадпрыемстваў, ходу сельскагаспадарчых
работ. Фіксаваў значныя падзеі ў жыцці абласнога цэнтра, тэатральныя спектаклі,
спартыўныя спаборніцтвы, панарамы новых мікрараёнаў і шмат іншага.
Алег Міхайлавіч Фёдараў цалкам аддаваўся працы, якая патрабавала пастаяннага
прафесійнага росту, цярплівасці і засяроджанасці.
Супрацоўнікі музея смуткуюць і выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім.