Прэзентацыя кнігі

Вярнуцца да падзей
2 май

30 красавіка ў Музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя выдання “Архіўныя матэрыялы да жыцця і дзейнасці Адама Багдановіча. Сшытак 6”, на якой прысутнічалі студэнты 3 курса філалагічнага факультэта УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы” і гарадзенцы з аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Гродзенскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Выданне прэзентавала яго ўкладальнік – загадчык навукова-асветніцкага аддзела ўстановы “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры” Кароткіна Валянціна Сяргееўна. Падчас сустрэчы слухачы пазнаёміліся з мемуарамі Адама Багдановіча – грамадскага і культурнага дзеяча, педагога, мемуарыста, бацькі класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Гэтыя запісы выступаюць унікальнай крыніцай па гісторыі грамадскага жыцця і нарадавольчага руху другой паловы ХІХ ст.

Загадчык філіяла “Літаратурны музей Максіма Багдановіча” г. Мінска Бараноўскі Міхаіл Аляксандравіч у сваю чаргу падзяліўся звесткамі пра гісторыю стварэння музейных выданняў і архіў Адама Багдановіча ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Напрыканцы сустрэчы літаратурнаму аддзелу быў уручаны экзэмпляр выдання з подпісам яго ўкладальніка В.С. Кароткінай.