Сустрэча з ветэранамі музея

Вярнуцца да падзей
27 Ліпень

За 100 гадоў дзейнасці Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея змянілася не адно пакаленне музейшчыкаў. Многія прысвяцілі музею ўсё сваё жыццё і, калі пайшлі на пенсію, працягваюць цікавіцца яго планамі развіцця, знаходзяцца ў курсе музейных падзей, падтрымліваюць сяброўскія адносіны з былымі калегамі.

На мінулым тыдні ў нас у гасцях былі ветэраны нашага музея, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку – Алена Андрэеўна Салаўёва, на працягу 20-ці гадоў была дырэктарам музея, Валянціна Мікалаеўна Царук, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, музейшчык з 50-гадовым стажам, Надзея Анатольеўна Трухановіч, загадчыца навукова-метадычнага аддзела ў 1996-2005 гадах і Тэрэза Уладзіміраўна Сідарэвіч, спецыяліст упраўлення культуры, якая курыравала работу музеяў Гродзенскай вобласці.

З вялікай цікавасцю яны агледзелі новыя экспазіцыі музея, а таксама наведалі назіральную пляцоўку Старога замка, прысутнічалі на адкрыцці выставы “Прыгажосць і мода. ХХ стагоддзе”.

Дырэктар музея Ю.В.Кітурка расказаў аб дасягненнях музея ў апошнія гады, аб далейшых планах рэканструкцыі палаца Стэфана Баторыя, не абышоў увагай і праблемы музеяў вобласці. За чаяваннем незаўважна праляцелі дзве гадзіны душэўнай бяседы.

Мы рады, што нашы дарагія ветэраны зноў акунуліся ў атмасферу музея, узгадалі гады сваёй плённай працы, адчулі сябе маладымі і энергічнымі.

А на памяць застануцца добрыя ўспаміны і агульны фотаздымак на фоне Новага замка.