Сёння адбылося адкрыццё выставы “Містэрыя гукаў”

Вярнуцца да падзей
24 Верасень

З 24 верасня 2021 г. у Музеі гісторыі Гарадніцы дзейнічае выстаўка “Містэрыя гукаў”. На выстаўцы прадстаўлены музычныя інструменты народнага майстра Мар’яна Скрамблевіча з фондаў музея і ўдарна-шумавыя інструменты з калекцыі Ігара Адасіка.

На выстаўцы экспануюцца музычныя інструменты, вырабленыя Мар’янам Скрамблевічам з розных парод дрэва – клёну, акацыі, ясеня, хвоі, дуба, чаромхі, рабіны, бамбука.

Значна прадстаўлены на выстаўцы духавыя інструменты: трубы, падвойныя флейты, жалейкі, дудачкі, паляўнічыя рогі. Экспануецца традыцыйная беларуская дуда (валынка) – духавы музычны інструмент, складанай канструкцыі, з мехам.

Прадстаўлена калекцыя незвычайных акарын з дрэва – адзіная ў Еўропе. Традыцыйна акарыны рабілі з гліны, фарфору.

Сабраная Ігарам Адасікам калекцыя ўдарна-шумавых інструментаў розных краін свету (Беларусь, Расія, Грузія, Кітай, ЗША, Індыя, Германія, Японія) налічвае звыш 100 адзінак. У экспазіцыі прадстаўлены: трашчоткі, клякоткі, званочкі, шархуны, барабаны, бубны, бонгі, дарбукі, кахоны, шэйкеры.