Тэатралізаванае мерапрыемства «І ўспомніў я час…» у Музеі Максіма Багдановіча

Вярнуцца да падзей
17 май

16 мая 2019 г. у Музеі Максіма Багдановіча адбылося тэатралізаванае мерапрыемства «І ўспомніў я час…», прымеркаванае да Міжнароднага дня музеяў.

Наведвальнікі музея больш за паўтары гадзіны разам з супрацоўнікамі і арганізатарамі вандравалі па незвычайным маршруце «Тэатр, музыка і паэзія».

Першая частка мерапрыемства пачалася з успамінаў пра далёкія 1892-1896 гг., калі ў г.Гродна пражывала сям’я Багдановічаў. Супрацоўнік музея ад імя Марыі Апанасаўны Багдановіч (маці паэта) пазнаёміў наведвальнікаў з інтэр’ерам кватэры сям’і Багдановічаў, распавёў пра цікавыя падрабязнасці аб адносінах у сям’і і жыцці ў Гродне, пра асаблівасці выхавання дзяцей, пра працоўную і творчую дзейнасць Адама Багдановіча (бацькі паэта). Гаспадыня кватэры пачаставала ўсіх гасцей зёлкавай гарбатай.

Другая, паэтычна-музычная, частка мерапрыемства прайшла пад дэвізам «Калі мы памятаем – мы жывём!»

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: паэтэса, празаік, перакладчык, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч, паэт, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Браніслаў Іосіфавіч Ермашкевіч.

Сваімі вершамі і ўспамінамі парадавалі гасцей прадстаўнікі гродзенскага літаратурнага аб’яднання «Надзея»: паэтэса і кіраўнік аб’яднання Святлана Валянцінаўна Глямбоцкая, паэтэса, празаік, выдатнік асветы СССР Наталля Васільеўна Чакліна-Гарбачова, паэтэса, перакладчык Алена Георгіеўна Чэпукене, паэтэса, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Людміла Мілоста, паэтэса Наталля Васільеўна Озерава.

Узнёслы настрой усім гасцям падаравалі навучэнцы УК “Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж камунальнай гаспадаркі” Руслан Бекяшоў і Павел Кавальчук, у выкананні якіх прагучала музычная кампазіцыя «Запяі мне песню…».

Душы гасцей мерапрыемства «І ўспомніў я час!» былі сагрэты яскравым выступленнем маладога і таленавітага музыканта Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа – Кацярыны Беленя (гітара). Выкладчык – Уладзімір Іванавіч Захараў.

Цёплыя і шчырыя словы падзякі арганізатарам мерапрыемства прагучалі ад ганаровых гасцей, прадстаўнікоў Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў: Тамары Мікалаеўны Істомінай (намесніка старшыні арганізацыі), Марыі Аляксандраўны Станіславіч (старшыні камісіі па культурна-масавай рабоце і сувязям са СМІ ), Марыі Афанасьеўны Бодак (адказнага сакратара арганізацыі).

Шчыры дзякуй усім удзельнікам і гасцям мерапрыемства!