Выстаўка “Позірк у мінулае” пачала працаваць у Астравецкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі

Вярнуцца да падзей
11 сакавік

Выстаўка “Позірк у мінулае” з фондаў нашага музея пачала працаваць у Астравецкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі. Яна прымеркавана да ўрачыстага адкрыцця шматфункцыянальнага комплексу сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі ў Астраўцы.

Экспазіцыя размешчана ў двух залах і аб’яднана агульнай канцэпцыяй, тэматычна звернутай да айчыннай гісторыі, культуры і народных традыцый.

Першы з двух раздзелаў выстаўкі прадстаўляе этнаграфічную спадчыну Панямоння канца ХІХ – ХХ стагоддзяў, вырабы майстроў народнай творчасці і работы вядомых мастакоў шклозавода “Нёман” у Бярозаўцы.

Другі раздзел дэманструе мастацкія калекцыі музея. Сучасныя беларускія мастакі, звяртаючыся да самых значных падзей і постацяў айчыннай гісторыі і культуры, ствараюць выдатныя творы жывапісу, графікі і скульптуры, у якіх увасабляюць шчырую любоў да роднай зямлі, захапленне і зачараванне яе славутым і трагічным мінулым.