Выстаўка “Слова – радасць, слова – чары…”

Вярнуцца да падзей
18 сакавік
  • Слова радасць, слова чары,
  • Вобраз вечна юных вёсен,
  • Ёсць ты ўсюды: ў сонцы, у хмары,
  • Ты глядзіш праз неба просінь.
  • Я.Колас “Слова”

У музеі Максіма Багдановіча з 18 сакавіка працуе выстаўка “Слова – радасць, слова – чары…”, прымеркаваная да Сусветнага дня паэзіі.

Штогод 21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі, які ўжо паспеў стаць традыцыйным для культурнай супольнасці свету. Свята садзейнічае развіццю паэзіі, вяртанню да традыцыі вусных паэтычных чытанняў, набліжэнню паэзіі да іншых відаў мастацтва: тэатра, музыкі, жывапісу. Паэзія – гэта не проста слова, гэта цэлы свет. Для аднаго ён адкрываецца ў хвіліны радасці і шчасця, для іншага – у моманты душэўных перажыванняў. Паэт і паэзія звязаны, як маці і дзіця, нябачнай ніткай, адной і на ўсё жыццё, разарваць якую не пад сілу ніякім абставінам.

На выстаўцы экспануюцца зборнік аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча «Смык беларускі» (Вільня, 1930) і факсімільнае выданне хрэстаматыі «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (Мн., 1992) Цёткі (Алаізы Пашкевіч).

Цікавасць уяўляюць кнігі Якуба Коласа “Паэмы” (Мн., 1946) і “Вершы” (Мн., 1946) – абедзве з дароўным надпісам аўтара Гродзенскаму музею, а таксама «энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства кан. XIX – пач. XX стст.» – паэма «Новая зямля» (Мюнхен, 1952), Янкі Купалы «Вершы» (Мн., 1988) і «Стихотворения и поэмы» (Мн., 1979), Максіма Багдановіча «Выбраныя творы» (Мн., 1946), «Вершы» (Мн., 1967) і зборнік «Пясьняр свабоды й красы» (Баварыя, 1947), прымеркаваны да 30-годдзя з дня смерці паэта.

Паэзія 2-й паловы ХХ ст. прадстаўлена выданнямі Дануты Бічэль «Браткі» (Мн., 1979), «Доля» (Мн., 1972), «Дзе ходзяць басанож» (Мн., 1983)), Максіма Танка «Дарога, закалыханая жытам» (Мн., 1976), «Ave Maria» (Мн., 1980), Яўгеніі Янішчыц «Пара любові і жалю» (Мн., 1983), «У шуме жытняга святла» (Мн.,1988).

Таксама на выстаўцы экспануюцца гравюра «Данута Бічэль» (1978) работы мастака Міколы Купавы, гіпсавы бюст Якуба Коласа, які стаяў у кабінеце гродзенскага пісьменніка Аляксея Карпюка, бронзавы барэльеф «Янка Купала» (1982) работы скульптара Алеся Ліпеня.

Выстаўка “Слова – радасць, слова – чары …” працуе па адрасе: вул. 1 Мая, 10 (Музей Максіма Багдановіча) з 10.00 да 18.00 (выхадны – панядзелак). Уваходны квіток для ўсіх наведвальнікаў – 10 кап.