З 8 кастрычніка 2022 г. у Музеі гісторыі Гарадніцы дзейнічае выстаўка “Традыцыйны народны тэкстыль Гродзеншчыны” з фондаў ГДГАМ. У экспазіцыі – народны тэкстыль Панямоння канца ХІХ ст. – 1980-х гадоў: гродзенскія белыя і пераборныя ручнікі, падвойныя дываны, шматнітовыя посцілкі, абрусы, паясы.
Традыцыйнымі для Гродзеншчыны з’яўляюцца “белыя” гродзенскія ручнікі. Іх вылучае дэкаратыўнасць і дасканаласць рэльефнай структуры вытканай тканіны. На канцах дапоўнены вышыўкай крыжыкам і гладдзю, пазней тканым пераборным бардзюрам з расліннымі матывамі
Дэкаратыўна-рэпрэзэнтатыўнымі з’яўляюцца гродзенскія “пераборныя” ручнікі. Для іх характэрна вертыкальная кампазіцыя – раўнамерна размешчаныя ў адзін ці некалькі радоў выявы ромбаў, разетак, зорачак, кветак.
Традыцыйным тэкстыльным вырабам Панямоння былі тканыя паясы. Самым папулярным колерам арнаменту такога поясу быў чырвоны.
Рэгіянальнай адметнасцю вылучаюцца посцілкі, якія спалучаюць колеравы кантраст шматколерных вясёлкавых і манахромных палос, так званыя “радугі” ці “пасякі”.
Візітнай карткай народнага ткацтва Панямоння з’яўляюцца гродзенскія падвойныя (двухасноўныя) дываны. Самай вядомай ткачыхай, якая іх ткала на Гродзеншчыне была Я.Райская з в.Адэльск Гродзенскага раёну.