12 студзеня – Экскурсіі “за білет”

Вярнуцца да падзей
10 студзень

У суботу 12 студзеня ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі адбудзецца акцыя “Экскурсія за білет”. У 12.00 у Новым Замку пройдзе экскурсія па новай часовай выставе “Сакральная спадчына Панямоння”, а ў 13.20 у Старым Замку экскурсія па выставе “Зроблена ў Гродне”. Экскурсіі бясплатныя, наведвальнікам трэба толькі заплаціць за білет на выставу. Кошты білетаў на выставы – ад 2 да 4 рублёў з асобы (адзін кубак капучына ў любой гродзенскай кавярні).

На абедзвюх выставах ёсць рэдкі шанец пабачыць экспанаты, якія або знаходзяцца ў фондах музея, або прывезеныя з Мінска. Выстава “Сакральная спадчына Панямоння” – гэта ўнікальны збор культавых рэчаў, які прадстаўляе хрысціянскія канфесіі нашага краю. Дзе яшчэ вы пабачыце знакамітыя партрэты Весялоўскіх з брыгіцкага кляштара або ўнікальную для Беларусі карціну “Танец Смерці” 17 ст., дзе смерць танцуе з усімі пачынаючы з папы рымскага і канчаючы звычайным яўрэйскім гандляром.

Даведацца, якія фабрыкі працавалі ў Гродне ў 19 – пачатку 20 ст. можна на выставе “Зроблена ў Гродне”. Вы пабачыце вырабы дзясяткаў гродзенскіх прадпрыемстваў і даведаецеся пра некаторыя таямніцы – напрыклад пра простую але незвычайную таямніцу з’яўлення цагліны.