17 студзеня – Адкрыццё выставы “Кракаўскія калядныя батлейкі” у Новым замку

Вярнуцца да падзей
18 студзень

У Авальнай зале Новага замка 17.01.2019 адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Кракаўскія калядныя батлейкі”. На выставе прадстаўлена 15 батлеек са збораў Кракаўскага гістарычнага музея, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды на штогадовым конкурсе батлеек”.

Гэтыя батлейкі называюцца кракаўскімі, паколькі яны прадстаўляюць архітэктуру найважнейшых, найбольш цікавых і прыгожых гістарычных помнікаў горада. Усе батлейкі традыцыйна маюць вежы – звычайна падобныя да найвышэйшай вежы Марыяцкага касцёла, звенчанай каронай або да вежаў кафедральнага сабора Вавеля ці Ратушнай вежы. Дадаткам да вежаў з’яўляюцца элементы Каралеўскага замка на Вавельскім пагорку, Сукенніц, якія знаходзяцца пасярэдзіне Галоўнага Рынка (гістарычнага камерцыйнага цэнтра) або абарончую крэпасць Барбакан і адзіную ацалелую з сямі ўязных брамаў горада – Фларыянскую. Стылёвая разнастайнасць кракаўскіх касцёлаў стала для стваральнікаў батлейкі крыніцай натхнення. Гэта форма батлейкі сфармавалася ў XIX ст., распаўсюдзілася ў XX ст. і культывуецца дагэтуль, з’яўляючыся правобразам сучасных батлеек.

Выстаўка падрыхтавана Гістарычным музеем горада Кракава, Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гродне і Польскім Інстытутам у Мінску.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу! Выстава працуе да 17 лютага, штодзённа, акрамя панядзелка, з 10.00 да 18.00. Каса працуе да 17:30.

Тэл. 8 (0152) 71-86-83; 8 (0152) 71-86-88.

Кошт уваходных білетаў: для школьнікаў – 1 руб., для студэнтаў і пенсіянераў – 1 руб. 20 кап., для астатніх наведвальнікаў – 1 руб. 50 кап.