Абласны вучэбна-метадычны семінар “Культурна-адукацыйная дзейнасць – адна з асноўных сацыяльных функцый музея”

Вярнуцца да падзей
24 Чэрвень

22-23 чэрвеня 2017 года ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі адбыўся абласны вучэбна-метадычны семінар “Культурна-адукацыйная дзейнасць – адна з асноўных сацыяльных функцый музея”, у якім прынялі ўдзел супрацоўнікі 16-ці раённых музеяў Гродзеншчыны.

Праца семінара пачалася з прывітальнага слова дырэктара Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Ю.В.Кітуркі і выступлення галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама А.М.Коханавай, якія пазнаёмілі з праграмай семінара, адзначыла важнае значэнне культурна-адукацыйнай дзейнасці, закранулі іншыя актуальныя пытанні ў працы музеяў вобласці.

У першы дзень працы семінара супрацоўнікі музеяў вобласці праглядзелі музейны занятак для школьнікаў у Музеі Максіма Багдановіча (літаратурным аддзеле ГДГАМ) “Марыя Апанасаўна запрашае”, сталі ўдзельнікамі квэста ў Старым замку “У пошуках скарбу”, пазнаёміліся з экспазіцыямі і выстаўкамі Гродзенскіх музеяў – гісторыка-археалагічнага і музея гісторыі рэлігіі.

На другі дзень семінар працягнуўся ў Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы. Удзельнікам быў прадстаўлены майстар-клас для дзяцей па вырабу выцінанкі “Дрэва жыцця”.

Падчас працы семінара музейшчыкі выступілі з інфарматыўнымі, змястоўнымі паведамленнямі: распавялі аб традыцыйных і інавацыйных формах работы сваіх музеяў з наведвальнікамі, падзяліліся ўдалым вопытам правядзення музейных мерапрыемстваў, расказалі аб праблемах, з якімі сутыкнуліся падчас падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, і аб тым як іх вырашалі.

Па заканчэнні семінара кожны ўдзельнік атрымаў зборнік з распрацоўкамі музейных мерапрыемстваў (з вопыту працы ГДГАМ) і метадычнымі рэкамендацыямі і парадамі па арганізацыі і правядзенні культурна-адукацыйнай работы і яе ўліку.

Трэба адзначыць жаданне музейных супрацоўнікаў шукаць новыя формы працы з наведвальнікамі, укараняць іх у практыку сваіх музеяў, а метадычны багаж, які быў атрыманы на семінары, дапаможа ім у гэтым.