Адкрыццё выстаўкі Пятра Краўчанкі “З Беларуссю ў сэрцы” ў Новым замку

Вярнуцца да падзей
19 Кастрычнік

18 кастрычніка ў 17:00 у Сенатарскай зале Новага замка адбылося адкрыццё выставы рарытэтаў “З Беларуссю ў сэрцы” з калекцыі Пятра Краўчанкі.

Пётр Краўчанка – былы міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь (1990–1994), вядомы беларускі дыпламат, грамадскі дзеяч і вучоны.

Пётр Кузьміч Краўчанка вядомы не толькі як палітычны і дзяржаўны дзеяч, але і як калекцыянер рарытэтаў, звязаных з гісторыяй Беларусі. Фарміраванне калекцыі Пятра Кузьміча адбывалася пад уплывам такіх людзей, як Ляонцій Клок (супрацоўнік гістарычнага музея), пісьменнік Барыс Сачанка, паэт Маскім Лужанін, дацэнт БДУ Анатолій Самускевіч.

Адно з цэнтральных месцаў у экспазіцыі займаюць фотаздымкі Тэафiла-Эўгенiюша Барэццi канца ХІХ стагоддзя, на якіх адлюстраваны віды Нясвіжа і месцы, звязаныя с Адамам Міцкевічам. У экспазіцыі прадстаўлены гравюры XVII стагоддзя Дамініка Кусто, на якіх выяўлены прадстаўніку роду Радзівілаў і кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый.

Асаблівую цікавасць уяўляюць прадметы, якія непасрэдна звязаны з Гродзеншчынай. Гэта першы вядомы фотаздымак, на якім выяўлена Гродна ў 1861 годзе, аўтарства фатографа Антона Рорбаха, гравюры з выявамі Гродна, кнігі, якія друкаваліся ў нашым горадзе. Асобна вылучаюцца экспанаты, звязаныя з Элізай Ажэшкай, сярод якіх фотаздымак з уласным подпісам пісьменніцы і кніга, якая змяшчае артыкулы, прысвечаныя ёй. Гэта кніга выдадзена ў Гродне, у друкарні Мейлаховіча.

На выставе таксама экспануецца кніга выдатнага беларуска-польска-літоўскага вучонага XVII стагоддзя, заснавальніка балістыкі Казіміра Семяновіча.

Выстаўка працуе штодзённа, акрамя панядзелка, з 10.00 да 18.00. Каса працуе да 17:30.

Тэл. 8 (0152) 71-86-83; 8 (0152) 71-86-88

Кошт уваходных білетаў:

для школьнікаў – 1 рубель 00 капеек

для студэнтаў і пенсіянераў – 1 рубель 50 капеек

для астатніх наведвальнікаў – 2 рублі 00 капеек.