Адкрыццё выставы “Новыя паступленні” ў Новым замку

Вярнуцца да падзей
27 студзень

З 24 студзеня ў Сенатарскай зале экспануецца выстава “Новыя паступленні”, якая прадставіць увазе гледачоў творы гродзенскіх мастакоў, што з нядаўняга часу захоўваюцца ў фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Адным з самых цікавых і захапляльных накірункаў дзейнасці музея з’яўляецца збор прадметаў і папаўненне фондавых калекцый. Штогод, пачынаючы з 2012 года, наш музей набывае самыя лепшыя творы гродзенскіх мастакоў. Ажыццяўленне закупкі дае магчымасць прасачыць за дынамікай развіцця творчага патэнцыялу аўтараў. У выніку такой працы мастацкія калекцыі папаўняюцца новымі прадметамі, якія могуць стаць штуршком для стварэння будучых выстаў і экспазіцый.

Творчыя дасягненні сучасных гродзенскіх мастакоў з’яўляюцца часткай культурнай спадчыны краіны ў цэлым. І зразумела, што існуе неабходнасць у іх захаванні, папулярызацыі і дэманстрацыі. Дзякуючы правядзенню закупкі, працы не з’едуць з краіны і не застануцца невядомымі ў прыватных калекцыях, а захаваюцца ў горадзе, дзе жылі і працавалі іх аўтары, і стануць даступнымі шырокаму колу гледачоў.