Выстаўка «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…» у Музеі Максіма Багдановіча

Вярнуцца да падзей
28 студзень

У Музеі Максіма Багдановіча з 27 студзеня 2020 года працуе выстаўка «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і 180-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча.

Новая беларуская літаратура развівалася з 1-й пал. ХІХ ст., а ўзорам паэтычнага майстэрства стала творчасць Францішка Багушэвіча (1840-1900). Яго паэзія аказала фенаменальны ўплыў на пісьменнікаў «нашаніўскага перыяду». М.Багдановіч у артыкуле «Беларускае адраджэнне» напісаў, што творы Ф.Багушэвіча «не блещут изяществом отделки, зато отличаются энергетикой выражения. Стих его прост и суров; изредка эта суровость сменяется юмором».

На выстаўцы экспануюцца зборнікі твораў Францішка Багушэвіча:

  • прыжыццёвае выданне «Smyk bialaruski» (Познань, 1894)
  • зборнік «Dudka bielaruskaja» (Вільня, 1930)
  • зборнік «Smyk bielaruski» (Вільня, 1930)

Выданні твораў 20-30-х гадоў і 2-й паловы ХХ ст. прадстаўлены кнігамі, хрэстаматыямі і манаграфіямі:

  • М.Гарэцкі «Гісторыя беларускай літаратуры» (Вільня, 1920)
  • Л.Гарэцкая «Родны край» (Вільня, 1923)
  • І.Дварчанін «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» (Мінск, 1927)
  • А.Станкевіч «Francis Bahusewic. Jaho zyccio i tworcasc» (Вільня, 1930)
  • Ф.Багушэвіч «Выбраныя творы» (Мінск, 1952) з аўтографамі М.Ткачова, М.Ермаловіча, М.Купавы, М.Дуксы, У.Содаля – удзельнікаў свята, прысвечанага памяці Ф.Багушэвіча, якое адбылося ўпершыню на радзіме паэта ў Кушлянах у 1983 г.
  • У.Содаль і Е.Мацюш (укладальнікі) «Францішак Бенядзікт Багушэвіч» (Мінск, 1986)
  • Ф.Багушэвіч «Творы» (Мінск, 1991).

Увазе наведвальнікаў прапануюцца:

  • паштоўка «Францішак Багушэвіч» (Вільня, 1908-1910)
  • лемантар «Засеўкі» С.Паўловіча (Вільня, 1937)
  • нарысы «Нашы песняры» А.Навіны (Вільня, 1918)
  • медаль «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай» (1990)

Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!

Музей працуе з 10.00 да 18.00 (без выходных).