3 красавіка 2026 г. у 16.00 у Сенатарскай зале Новага замка адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Vivа Kola Art”, які з 2023 года арганізоўвае Веласіпедны клуб “Мінск”, Беларуская федэрацыя веласіпеднага спорту і Беларускі саюз мастакоў.
Спорт аб’ядноўвае людзей, а калектыўная энергія спартыўных мерапрыемстваў, у сваю чаргу, становіцца крыніцай натхнення і для мастакоў. Своеасаблівы дыялог мастацтва і веласіпеднага спорту лёг у аснову выставачнага праекта “Vivа Kola Art”. На выстаўцы ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі прадстаўлены жывапіс, графіка, арт-аб’екты, створаныя сучаснымі беларускімі мастакамі. Аб’ядноўвае іх тэма – веласіпед як кола жыцця, гісторыі, развіцця і прыгажосці. А адрознівае – буянства эмоцый, калі глядач можа адчуць пульс гонкі, радасць перамогі, убачыць прыгажосць чалавечага цела ў руху.