06 жніўня ў 16.00 у Сенатарскай зале Новага замка адбудзецца адкрыццё рэспубліканскай выставы “Art-панарама ‑ 2021. Маладыя мастакі Беларусі”. Праект у сёмы раз прадставіць моладзевае мастацтва нашай краіны. У выставе прымаюць удзел 40 мастакоў з розных гарадоў Беларусі: Гродна, Мінск, Брэст, Магілёў, Гомель.
Адной з мэтаў праекта з’яўляецца пошук новых імёнаў маладых мастакоў. У “Арт-панараме – 2021” упершыню дэманструюць сваю творчасць 24 маладыя мастакі, якія раней не прымалі ўдзел у выставе.
Маладыя аўтары не былі абмежаваны агульнай тэмай, яны падымаюць спрадвечныя пытанні, цэнтрам якіх з’яўляецца чалавек, яго роля ў сучасным грамадстве, уплыў на навакольную рэчаіснасць. Паралельная тэма разважання – гэта жывёльны і раслінны свет, праблемы экалогіі. Не засталіся без увагі і адлюстраванне гістарычных месцаў, пераасэнсаванне катастрафічных падзей, якія пацягнулі незваротныя наступствы. Асабістыя ўражанні, падзеі з жыцця кожнага мастака інтэрпрэтуюцца і набываюць форму ўнікальных прац з аўтарскім і стылістычным вырашэннем.
На выставе прадстаўлена панарама відаў выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіка, скульптура, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.