Часовая экспазіцыя “Арніталагічная калекцыя Станіслава Жыўны”

Вярнуцца да падзей
17 Лістапад

21 лістапада 2026 года спаўняецца роўна 100 гадоў з дня адкрыцця Музея прыроды ў Гродне. З нагоды знакавага юбілею Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей запрашае наведвальнікаў на часовую экспазіцыю, дзе прадстаўлены рарытэты з самай першай арніталагічнай калекцыі ўстановы.

На новай выстаўцы наведвальнікі змогуць убачыць птушак з першапачатковага збору заснавальніка Музея прыроды Станіслава Жыўны. Самаму старому экспанату споўнілася ўжо 117 гадоў – ён датуецца 1909 годам. Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, усе чучалы захаваліся ў выдатным стане. Экспазіцыя знаёміць як са звыклымі насельнікамі беларускіх лясоў і палёў, так і з рэдкімі відамі, занесенымі ў Чырвоную кнігу, а таксама з экзатычнымі птушкамі далёкіх кантынентаў.

Часовая экспазіцыя будзе працаваць у фае Новага замка з 17 па 29 лістапада.