Каштоўны падарунак музею

Вярнуцца да падзей
7 снежань

Нядаўна наш музей наведаў вядомы архітэктар-рэстаўратар з Санкт-Пецярбурга Андрэй Яўгенавіч Гуніч. Але мэтай яго візіту аказаўся зусім не агляд музейных рарытэтаў. Андрэй Яўгенавіч прыехаў у наш горад, каб падарыць музею кнігу, якая з 1930-х гг. захоўвалася ў бібліятэцы яго бабулі, таксама архітэктара, мастачкі Соф’і Васільеўны Паповай-Гуніч.

Падарункам Гунічаў аказалася першае выданне ілюстраванай энцыклапедыі па архітэктуры “Recueil et parallele des edifices de tout genre anciens et modernes…” (Збор і параўнанне будынкаў усіх відаў, старажытных і сучасных… Парыж, 1799–1800), аўтарам якой з’яўляецца французскі архітэктар Жан-Нікаля-Луі Дзюран. Выданне само па сабе вельмі рэдкае і прыгожае – аздоблена 90 гравюрамі з выявамі самых вядомых будынкаў свету, выкананых у адным маштабе і ў адной графічнай тэхніцы.

Але каштоўнасць выдання для музея і для нашага горада заключаецца не толькі ў рэдкасці і прыгажосці! Справа ў тым, што на тытульным лісце энцыклапедыі маюцца дароўны надпіс і аўтограф, якія апавядаюць аб незвычайным лёсе гэтага экзэмпляра. Выданне калісьці належала вучонаму, заснавальніку беларускай арніталогіі Канстанціну Тызенгаўзу, чый бацька быў пляменнікам надворнага падскарбія ВКЛ і гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. Канстанцін Тызенгаўз падарыў энцыклапедыю сыну свайго сябра Караля Падчашынскага Баляславу (знакамітае сямейства патомных архітэктараў!). Гісторыя маўчыць пра тое, як выданне трапіла да ленінградскага архітэктара Соф’і Васільеўны Паповай-Гуніч, якая паходзіла з роду Пачобутаў-Адляніцкіх з Беларусі… Карацей, даследаванне абяцае быць цікавым! А пакуль што атрымайце асалоду ад гісторыі, навукі і друкарскага мастацтва рубяжа XVIII–XIX стст.!