Круглы стол, прысвечаны рэканструкцыі Старога замка ў Гродне

Вярнуцца да падзей
25 Ліпень

24 ліпеня ў Новым замку адбыўся круглы стол, прысвечаны рэканструкцыі Старога замка ў Гродне. Мерапрыемства было ініцыянавана ўпраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама. У ім прымалі удзел начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, аўтар праекта рэканструкцыі Старога замка Уладзімір Бачкоў, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза, галоўны архітэктар праекта Старога замка Алег Шымбарэцкі. На круглы стол былі запрошаны прадстаўнікі СМІ і грамадскасці.

Падчас мерапрыемства ўздымаліся пытанні аб якасці правядзення будаўнічых прац, археалагічных даследаванняў, а таксама спрэчных момантах праекта рэканструкцыі Старога замка. Усе прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні і атрымаць на іх адказы.

Алена Клімовіч выказалася, што падчас работ на аб’екце ўзнікае шмат спрэчных пытанняў, але ўсе павінны разумець, што працэс рэканструкцыі і прыняцце праектных рашэнняў адбываюцца пасля дэталёвых навуковых прапрацовак. Усе змены ў праекце ўносяцца абгрунтавана, пасля абмеркавання з усімі зацікаўленымі службамі.

Асобным пунктам прагучала пытанне аб археалагічным назіранні за землянымі працамі на тэрыторыі Новага замка, дзе падчас пракладкі камунікацый былі выяўлены рэшткі будынка ХІІ ст. Археолаг НАН Беларусі Іван Спірын, які вядзе нагляд, запэўніў, што ўсе працы вядуцца без парушэння заканадаўства і методыкі археалагічных даследаванняў. Аднак ў гэтым сезоне аб’ект цалкам вывучыць не атрымаецца, таму ён будзе закансерваваны.

На прыканцы Алена Клімовіч адзначыла, што такія мерапрыемствы даюць магчымасць пачуць усе кропкі погляду на праблему і ў будучыні падобныя круглыя сталы мяркуецца неаднаразова праводзіць.