Мерапрыемства «Адзначым Дзень роднай мовы разам»

Вярнуцца да падзей
22 люты

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтае свята было заснавана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года. Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6-ці тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Міжнародны дзень роднай мовы спрыяе заахвочванню моўнай разнастайнасці, усведамленню моўных і культурных традыцый, садзейнічае абароне і захаванню ўсіх моў народаў свету.

“Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет”. Я. Колас

“Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю”. Ф. Багушэвіч

“Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ”. І. Мележ

  • “Родная мова, цудоўная мова!
  • Ты нашых думак уток і аснова!” У. Дубоўка

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча падрыхтавалі і правялі мерапрыемства “Адзначым Дзень роднай мовы разам” для выхаванцаў ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Ленінскага раёна г.Гродна”. Дзеці пазнаёміліся з мемарыяльнымі пакоямі музея, старадаўнімі прадметамі інтэр’еру і побыту канца ХІХ – пачатку ХХ стст.

Вучні даведаліся пра гады дзяцінства Максіма Багдановіча, убачылі першы фотаздымак будучага паэта, яго асабістыя рэчы, адзіны прыжыццёвы зборнік “Вянок”. Знаёмства з вершамі М.Багдановіча “Вадзянік” і “Лясун” адбылося на прыкладзе адпаведных міфалагічных персанажаў.

Напрыканцы мерапрыемства дзеці прачыталі вершы Максіма Багдановіча і зрабілі сваімі рукамі паштоўкі з васількамі – любімымі кветкамі паэта.

На фотаздымках – выхаванцы ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Ленінскага раёна г.Гродна” і выхавацель Церайкоўская Ірына Іванаўна.