Мерапрыемства «Краю мой родны!» у Музеі Максіма Багдановіча

Вярнуцца да падзей
13 снежань

12 снежня 2018 г. у Музеі Максіма Багдановіча адбылося мерапрыемства «Краю мой родны!», прымеркаванае да 127-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча і Году малой радзімы.

Удзельнікамі і гасцямі мерапрыемства «Краю мой родны!» сталі прадстаўнікі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: паэтэса, празаік, перакладчык, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, паэт, публіцыст, бард Анатоль Апанасевіч, маладая паэтэса Вікторыя Смолка. Каштоўным падарункам для музейнага фонду стала кніга Аляксандра Наўроцкага «Цень яго анёла» ў перакладзе з польскай мовы Людмілы Кебіч.

Як заўсёды, шмат духоўнай энергіі і жыццялюбства прагучала ў выступленні літаратуразнаўцы, прафесара Аляксея Пяткевіча. Усё сваё жыццё прысвяціла вывучэнню і выкладанню жыцця і творчасці Максіма Багдановіча студэнтам розных узростаў і пакаленняў  паэтка, празаік, літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч. У падарунак ад аўтара музей атрымаў кнігу «Белавежа»: постаці, творы, героі».

Побач з паэзіяй на мерапрыемстве прысутнічала і музыка. Госці мерапрыемства «Краю мой родны!» высока ацанілі выступленне дуэта маладых таленавітых музыкантаў Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа – Бубен Данііла (гітара) і Рыбака Аляксандра (домра). Выкладчык – Уладзімір Захараў.

Павіншаваць гасцей мерапрыемства прыйшлі вучні 4 «О» класа УА «Гімназія № 4 г.Гродна». Для выступлення дзеці вывучылі вершы беларускіх пісьменнікаў пра нашу Радзіму. Арэшчанка Кацярына прачытала верш У.Карызны «Люблю цябе, Белая Русь», Рапінчук Яўген – верш Э.Агняцвет «Зямля з блакітнымі вачамі», Джангіраў Міхаіл падрыхтаваў верш Н.Гілевіча «Я – беларус», верш П.Броўкі «Дарагая Беларусь» прагучаў у выкананні Ярмак Соф’і.

Даспадобы ўсім гасцям прыйшліся дзве міні-віктарыны: “Ці праўда, што…” і “Жамчужыны нашай Гародні”, падрыхтаваныя і праведзеныя супрацоўнікамі музея. Заданні тычыліся жыцця і творчасці Максіма Багдановіча, вядомых помнікаў архітэктуры, знакамітых і легендарных асобаў, легендаў і цікавых гістарычных фактаў з жыцця нашага горада.

Упершыню ў музейным мерапрыемстве прынялі ўдзел гродзенскія паэтэсы, прадстаўнікі літаратурнага аб’яднання “Надзея” – Лілія Шалешка і Таццяна Лугавая.

У канцы мерапрыемства гасцей чакала незвычайнае “паэтычнае караоке.”