Навуковая канферэнцыя “Музеефікацыя каралеўскіх, магнацкіх, шляхецкіх рэзідэнцый і сядзіб”

Вярнуцца да падзей
18 Кастрычнік

17-18 кастрычніка 2017 года ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі адбылася навуковая канферэнцыя “Музеефікацыя каралеўскіх, магнацкіх, шляхецкіх рэзідэнцый і сядзіб”, на якой абмяркоўваліся актуальныя пытанні захавання і выкарыстання гісторыка-архітэктурнай спадчыны Беларусі.

Пасяджэнне адкрылася прывітальным словам першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама А.В.Клімовіч, якая адзначыла, што тэма, якая прапанавана для навуковай канферэнцыі, вельмі актуальная, у тым ліку і для гродзенскай зямлі, бо Гродзеншчына – унікальны край па сваёй гісторыі, архітэктурнай спадчыне.

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Літвы і Польшчы, якія прадстаўлялі музеі, Нацыянальную Акадэмію навук Беларусі, дзяржаўныя ўніверсітэты, а таксама культурна-асветніцкі фонд “Шчорсы і Храптовічы”.

На канферэнцыі прагучала больш за дваццаць дакладаў. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі праблемы захавання і рэстаўрацыі архітэктурнай спадчыны, падзяліліся вопытам стварэння экспазіцый і арганізацыі культурна-асветніцкай і рэкрэацыйнай дзейнасці ў музеях, якія размешчаны ў гістарычных і архітэктурных помніках. На працягу двух дзён адбываўся цікавы дыялог, абмен думкамі.

Плануецца выданне зборніка матэрыялаў канферэнцыі.

Падчас працы канферэнцыі

Аляксандр Гужалоўскі, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выступае з тэмай “Новыя дыскурсы інтэрпрэтацыі мінулага ў музеях Беларусі”

Выступленне Максіма Ермохіна, кандыдата біялагічных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аб асаблівасцях дэндрахраналагічнай датыроўкі гістарычных аб’ектаў выклікала вялікую цікавасць удзельнікаў канферэнцыі

Кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук прадстаўляе канцэпцыю стварэння Музея Беларускай Шляхты ў сядзібе Падароск

Падчас працы канферэнцыі

Дзмітрый Герасімёнак, выкладчык кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Гедрус Куяліс (Літва) уручае дырэктару Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрыю Кітурку выданне аб Музеі Рокішскага краю

Юрый Кітурка знаёміць удзельнікаў канферэнцыі з ходам работ па рэстаўрацыі Старога замка

Удзельнікі канферэнцыі.

Новы замак. 18 кастрычніка 2017 года