Шкатулка Марыі Багдановіч, маці вядомага паэта, экспануецца на выстаўцы ў Мінску

Вярнуцца да падзей
30 Верасень

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску 30 верасня 2021 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Пад знакам Страціма» (да 130-годдзя з дня нараджэння паэта).

Падрыхтоўка мастацка-дакументальнай выстаўкі пры падтрымцы прэзідэнцкага гранта вялася супрацоўнікамі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (куратар Ірына Мацяс) на працягу 9 месяцаў. Арганізатары выстаўкі сабралі прадметы з сямейнага архіва Багдановічаў, якія захоўваюцца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратурыі і мастацтва.

З фонду Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея на выстаўцы экспануюцца: шкатулка Марыі Багдановіч (маці паэта), фотаздымак Ніны Багдановіч (сястры паэта), рахунак на пахаванне Ніны Багдановіч (з надпісам рукой Адама Багдановіча, бацькі паэта).

«Страцім-лебедзь» (1916) – адзін з апошніх твораў Максіма Багдановіча. У беларускім літаратуразнаўстве твор называецца то паэмай, то вершам, большасць даследчыкаў лічаць, што «Страцім-лебедзь» – гэта балада.

Максім Багдановіч напісаў баладу «Страцім-лебедзь» на аснове сюжэта апокрыфа пра Вялікі патоп, апублікаванага Е.Раманавым у «Беларускім зборніку» (1891). Значны ўплыў на напісанне твора аказалі ўласныя перажыванні Максіма Багдановіча. Аўтар шмат увагі надаваў унутранаму стану свайго героя, яго ўсвядомленаму выбару служэння іншым.

У 1916 г. Максім Багдановіч вярнуўся на радзіму ў Мінск. Уладкаваўся на працу ў Мінскі губернскі харчовы камітэт, жыў на кватэры ў Змітрака Бядулі, а ўвесь вольны час прысвяціў літаратурнай творчасці. З успамінаў З.Бядулі: «Праз некалькі дзен, калі «Страцім-лебедзь» быў начыста напісаны дробным бісерным почыркам, Максім чытаў мне гэты верш. Ён чытаў усхваляваным глухаватым голасам. Канцоўку ён прагаварыў надломным тонам: «Ад усіх цяпер патомкі ёсць, / Ды няма адных – Максімавых». Ён запнуўся і тут жа паправіўся: «Ды няма адных – Страцімавых».