Выстаўка «Голас сумлення і годнасці…» у Музеі Максіма Багдановіча да 100-годдзя з дня нараджэня Івана Шамякіна

Вярнуцца да падзей
15 студзень

З 12 студзеня 2021 года працуе выстаўка «Голас сумлення і годнасці…», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэня Івана Шамякіна.

Іван Пятровіч Шамякін (30.01.1921 – 14.10.2004) – народны пісьменнік БССР, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій Беларусі і СССР, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, адзін з нешматлікіх беларускіх літаратараў, якога называлі «жывым класікам». У 1971-1985 гадах ён узначальваў Вярхоўны Савет БССР, неаднаразова абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, старшынёй Беларускага камітэта абароны міру. Больш за дваццаць гадоў І.Шамякін працаваў у кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў БССР. У 1980-1992 гадах – галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».

Па раманах і аповесцях І.Шамякіна можна прасачыць ваенную і пасляваенную гісторыю Беларусі. Усенародная барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў стала тэмай першага рамана «Глыбокая плынь»(1948). І.Шамякіну належыць і самы маштабны ў беларускай літаратуры твор пра вайну – пенталогія «Трывожнае шчасце»(1957-1965). Раманы «Крыніцы»(1956), «Сэрца на далоні»(1957), «Снежныя зімы»(1968), «Атланты і карыятыды»(1974), «Вазьму твой боль»(1979) увайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.

Творчасць Івана Шамякіна атрымала ўсенароднае прызнанне і любоў як у Беларусі, так і за яе межамі. Яго раманы, аповесці і апавяданні перакладзены на многія мовы свету. Паводле твораў пісьменніка створаны кінафільмы і тэатральныя пастаноўкі: «Шлюбная ноч», «Глыбокая плынь», «Гандлярка і паэт», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Хлеб пахне порахам».

На выстаўцы экспануюцца кнігі з аўтографамі Івана Шамякіна:

  • «Сердце на ладони» (Мн.,1970),
  • «Гандлярка і паэт» (Мн., 1976),

а таксама наступныя выданні твораў аўтара:

  • «Збор твораў у шасці тамах» (Т.1-2, Мн., 1977),
  • «На знаёмых шляхах» (Мн., 1949),
  • «Выгнанне блудніцы» (Мн., 1962),
  • «Вялікая княгіня » (Мн., 1997),
  • «Пошукі прытулку» (Мн., 2001)

Увазе наведвальнікаў прадстаўлены арыгінальныя фотаздымкі 1950-1970-х гадоў, на якіх Іван Шамякін з вядомымі беларускімі пісьменнікамі Я.Коласам, Я.Брылём, А.Лойкам, А.Карпюком, Д.Бічэль, сярод чытачоў, падчас выступлення на розных мерапрыемствах. Цікавасць уяўляе фотаздымак акцёраў Н.Андрэйчанкі і В.Жыганава – выканаўцаў галоўных роляў у кінафільме «Гандлярка і паэт» (СССР, 1978) па аднайменным творы І.Шамякіна.

Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!

Музей працуе з 10.00 да 18.00 (штодзёна)