Выстаўка “Шляхам традыцый: беларускі ручнік” у Музеі гісторыі Гарадніцы

Вярнуцца да падзей
14 Верасень

З 13 верасня 2019 г. у  Музеі гісторыі Гарадніцы працуе выстаўка “Шляхам традыцый: беларускі ручнік”. Экспазіцыя выстаўкі змяшчае: гродзенскія белыя і пераборныя ручнікі са збораў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а таксама мастацкі тэкстыль выкладчыка па тэкстылю УА “Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў” Еўдакіменка Святланай Васільеўны і яе навучэнцаў.

У 2000 годзе С.В.Еўдакіменка скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці “Народная творчасць”. З 2001 года выкладае ў гімнізіі-каледжы мастацтваў дысцыпліну “Работа ў матэрыяле: ткацтва”. Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў засвоілі разнастайныя тэхнікі ткацтва: палатнянае, саржавае, узорыстае рамізнае, закладное, бранае, пераборнае, падвойнае, а таксама авалодалі тэхнікай вышыўкі “процягам” як найбольш старажытнай і блізкай да ткацтва.

Аддаючы даніну павагі народным традыцыям і прымаючы на ўзбраенне сучасныя сродкі і тэхналогіі, навучэнцы Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў ствараюць прыгожыя тэкстыльныя вырабы, знаходзячы смелыя спалучэнні розных тэхнік і стыляў, матэрыялаў і тэхналогій, колеру і дызайну.

На выстаўцы магчыма ўбачыць тканыя ручнікі, дэкаратыўныя пано з арнаментальнымі кампазіцыямі, тканыя на дошчачках паясы, аксэсуары і інш. Вырабы навучэнцаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў адрозніваюцца непаўторнасцю кампазіцыйнага і каларыстычнага вырашэння, багаццем арнаментацыі, разнастайнасцю структурных перапляценняў.

    

Выстаўка працуе штодзённа (акрамя панядзелка) з 10.00 да 18.00 па адрасе: вул. Ажэшкі, 37.

Тэматычная экскурсія для школьнікаў (група 25 чалавек) – 6.00 руб. Уваходныя білеты для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – 30 кап.

Тэлефон для даведак 62 – 09 –  93