Выстаўка «Вянок паэтычнай спадчыны» у Музеі Максіма Багдановіча

Вярнуцца да падзей
30 май

У Музеі Максіма Багдановіча з 30 мая 2018 года працуе выстаўка «Вянок паэтычнай спадчыны», прымеркаваная да 105-годдзя выхаду кнігі вершаў М.Багдановіча «Вянок» (1913 г.).

«Вянок» – адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў М. Багдановіча, выдадзены ў 1914 годзе, класічны зборнік беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя. У гісторыі нацыянальнай паэзіі ён стаў адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрства.

Наклад «Вянка» складаў 2000 асобнікаў. Лёс кожнага асобніка склаўся па-рознаму. Знойдзеныя экземпляры «Вянка» захоўваюцца ў бібліятэках і музеях розных краін свету. У фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея захоўваюцца два арыгінальныя зборнікі «Вянок» 1913 г. і пяць – 1927 г.

На выстаўцы прадстаўлены таксама выданні твораў М.Багдановіча ў перакладах на рускую, польскую, латышскую мовы:

  • «Maksims Bahdanovics. Jau roka rudzupuki auz… » ( Мінск, 1992)
  • «Wiersze bialoruskie» (Лодзь, 1971)
  • Maksim Bahdanowicz «Poezje wybrane» (Лодзь, 1973)
  • М.Богданович «Венок» (Мінск, 1985)
  • М.Богданович «Узор василька» (Мінск, 1985)

Экспануюцца на выстаўцы ўпершыню «Творы М.Багдановіча. Том І» (Мінск, 1927) і «Вянок паэтычнай спадчыны» (Нью Ёрк – Мюнхен, 1960)

Увазе наведвальнікаў прадстаўлены юбілейныя выданні – «Пагоня», «Слуцкія ткачыхі» і «Раманс» на дзесяці мовах свету, падрыхтаваныя да выдання Беларускім фондам культуры да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!

Музей працуе з 10.00 да 18.00 (панядзелак – выходны).