Знаходка на тэрыторыі Новага замка

Вярнуцца да падзей
17 красавік

15 красавіка падчас будаўнічых прац па добраўпарадкаванні тэрыторыі Новага замку археолагі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі натрапілі на рэшткі пабудовы з плінфы ХІІ ст. Гэта не першая знаходка такога тыпу на дадзенай тэрыторыі. У розныя часы і рознымі беларускімі археолагамі за палацам, за флігелем, перад варотамі Новага замку фіксаваліся фрагменты сцен, блокі плінфы на вапнавай рошчыне, шматлікія фрагменты маёлікавай пліткі, збаноў-галаснікоў. Але, паколькі гэта былі невялікія раскопы і шурфы, раскрыць загадку гэтых пабудоў не аказалася магчымым. Зараз на гэтым узвышшы знаходзіцца палацавы комплекс караля Аўгуста ІІІ, пабудаваны ў сяр. XVIII ст., але ў ранейшы час, у эпоху Гродзенскага княства пры князях Усеваладкавічах у ХІІ ст. тут, відавочна, быў вакольны горад, абнесены ўмацаваннямі, са сваім багатым жыццём і, магчыма, шэрагам каменных і драўляных пабудоў. Даследчыкі лічаць, што на гэтым месцы ў XII ст. павінна была быць і царква, магчыма, Уваскрасенская, вядомая па пазнейшым узгадкам к. XV – пач. XVI ст.

Хто ведае, якія з выяўленных аб’ектаў могуць аказацца яе рэшткамі? Наперадзе нас чакае яшчэ шмат цікавых адкрыццяў!