Адрэстаўраваныя дакументы з архіва гродзенскіх брыгітак

Вярнуцца да падзей
6 сакавік

6 сакавіка ў Новым замку адбылася прэс-канферэнцыя, на якой былі прадстаўлены дакументы з архіва гродзенскага кляштара брыгітак пасля рэстаўрацыі. На прэс-канферэнцыі прысутнічалі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.Л.Вярсоцкі, Генеральны консул Рэспублікі Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк, дырэктар Музея Падляшша ў Беластоку Анджэй Ляхоўскі, рэктар касцёла Звеставання Прасвятой Дзевы Марыі ў Гродне ксёндз Антоні Грэмза.

Гэтыя дакументы трапілі ў музей у вельмі дрэнным стане, заражаныя цвіллю і грыбком. Іх нельга было захоўваць разам з астатнімі музейнымі прадметамі, але спецыялістаў, якія змаглі б зрабіць кансервацыю такіх дакументаў, у Рэспубліцы Беларусь не знайшлося.

Тады музей звярнуўся за мяжу. Музей Падляшша ў Беластоку, з якім наш музей супрацоўнічае ўжо шмат гадоў, узяўся дапамагчы. Атрымаўшы ад Міністэрства культуры Рэспублікі Польшчы грант на рэстаўрацыю дакументаў, беластоцкі музей знайшоў рэстаўрацыйную майстэрню ў Варшаве, спецыялісты якой узяліся за складаную працу. Кожны дакумент патрабаваў індывідуальнага падыходу, паколькі напісаны яны былі на рознай паперы чарнілам рознай рэцэптуры, на многіх дакументах стаяць васковыя і сургучныя пячаткі.

Пасля рэстаўрацыі дакументы вярнуліся ў Гродна. Наперадзе даследаванне гэтых дакументаў, самыя старэйшыя з якіх датуюцца канцом 16 ст. і напісаны на старабеларускай мове.

Супрацоўніцтва Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея з Музеем Падляшша ў Беластоку працягнецца ўжо ў рэалізацыі праекта “Стварэнне рэгіянальных цэнтраў па даследаванні і захаванні помнікаў” у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча–Беларусь–Украіна 2014–2020”.