Мерапрыемства «Гукі Бацькаўшчыны», прымеркаванае да 126-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча

Вярнуцца да падзей
8 снежань

7 снежня 2017 г. у літаратурным аддзеле (Музеі Максіма Багдановіча) адбылося мерапрыемства «Гукі Бацькаўшчыны», прымеркаванае да 126-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча.

Жывучы за межамі Радзімы, паэт вывучаў Беларусь у гутарках з бацькам, цёткамі, чытаў кнігі па гісторыі, этнаграфічныя працы, фальклорныя зборнікі. У цыкле вершаў «Гукі Бацькаўшчыны», згадваючы родныя песні продкаў, паэт імкнуўся праз іх высокі сэнс зазірнуць у думкі сваіх землякоў.

Старадаўнія беларускія народна-песенныя традыцыі вывучаюцца і захоўваюцца і ў наш час. Пад гучныя апладысменты прысутных у пачатку мерапрыемства выступіў фальклорны ансамбль «Кужаль» Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (мастацкі кіраўнік – Наталля Вікуння- Аррыетта).

У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты 1 курса спецыяльнасці «Беларуская мова» УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы»: Букіна Дар’я, Гузевіч Наталля, Калянкевіч Вольга, Сяцько Маргарыта, Максімік Алёна, Богдан Павел. Яны выразна і артыстычна прачыталі вершы Максіма Багдановіча «Народ, Беларускі народ!», «Мяжы», «Перапісчык», «Пагоня», «Краю мой родны, як выкляты Богам…».

Бліскучымі былі выступленні вучаніц УА «Сярэдняя школа № 12». Санет М.Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі» прачытала Скаленка Алеся, верш «Кніга» прагучаў з вуснаў Скаленка Крысціны. Прарочыя словы паэта «нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч» перадала нам, сучаснікам, Чулада Рэната (верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…»).

У музейна-музычнай імпрэзе «Гукі Бацькаўшчыны» ўзялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч, прафесар і літаратуразнаўца Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, дацэнт, паэтка і літаратуразнаўца Ала Мікалаеўна Петрушкевіч.

Яскравым і кранальным было выступленне пісьменніка Дзмітрыя Радзівончыка, які прачытаў эсэ, напісанае пад уражаннем ад наведвання магілы М.Багдановіча ў Ялце.

Цёплы музычны настрой усім гасцям падарыў таленавіты малады музыкант Павел Бандарэнка, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа (клас выкладчыка Уладзіміра Захарава).

Напрыканцы мерапрыемства госці сталі ўдзельнікамі віктарыны. «Шчасліўчыкі» бездакорна выканалі кожны сваё заданне і атрымалі падарункі. №1 – сярод прапанаваных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў выбраць партрэты Максіма Багдановіча. №2 – сярод аўтографаў вядомых асобаў вызначыць аўтографы Максіма Багдановіча. Самым інтрыгуючым было заданне для «шчасліўчыка» № 3 – «чорная скрыня». У запісе прагучаў верш М.Багдановіча «Зімой». Прадмет, які згадваўся ў вершы (ва ўменьшаным выглядзе), і быў схаваны ў «чорнай скрыні».