Археалагічныя знаходкі, часаслоў XVIII стагоддзя: выстава “Музейны прадмет” адкрыецца ў Гомелі

Вярнуцца да навін
2 сакавік

З паступленнямі мінулага года ў фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля азнаёміць выстава “Музейны прадмет”, якая пачне работу 3 сакавіка.

У мінулым годзе збор папоўніўся на 689 адзінак асноўнага фонду. Археалагічныя і палеанталагічныя знаходкі, прадметы побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ткацтва і вышыўкі, адзенне і аксесуары, посуд і мэбля, друкаваныя выданні, дакументы і фатаграфіі, падораныя гамяльчанамі і гасцямі горада, сувеніры і падарункі, перададзеныя Гомельскім аблвыканкамам, а таксама работы сучасных гомельскіх мастакоў – спектр паступленняў шырокі і разнастайны.

“Свае гісторыі захоўваюць і старадаўні “Часаслоў”, выдадзены ў канцы XVIII стагоддзя (здатчыца Н.М.Куцько), і жаночая вясельная кашуля пачатку ХХ стагоддзя (здатчыца Г.В.Вінаградская), і подсцілкі з ручнікамі (здатчыца В.Н.Кірыкова), і чаравікі-шнуроўкі 1920-х гадоў (здатчыца Е.Ю.Сіняўская), і старадаўні мужчынскі фотапартрэт служачага князёў Паскевічаў (здатчыца В.І.Доўгаль)”, – пералічылі ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе.

Комплекс прадметаў перадала музею сям’я Фядосавых з Мінска – дакументы, прадметы побыту, мэблі, посуду, фарфор.

Сярод дарыльшчыкаў ва ўстанове назвалі яшчэ многія імёны гамяльчан, якія прынялі ўдзел у папаўненні музейных калекцый, і адрасавалі ім шчырыя словы ўдзячнасці.

Таксама ў 2022 годзе ў фонды музея былі набыты прадметы мэблі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XIX стагоддзя, якія прадстаўлены ў экспазіцыі “Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы”, творы сучаснага выяўленчага мастацтва мастакоў Гомельскай абласной аганізацыі Беларускага саюза мастакоў. Акрамя таго, на працягу года ў музеі праходзілі персанальныя выставы гомельскіх мастакоў, па выніках фонд папоўніўся падоранымі аўтарскімі работамі Яфіма Мінявіцкага, Арсенія Двароніна, Андрэя Крылова, Сцяпана Драмука, Ігара Хайкова, Юрыя Мядзведзева.