Ліст з фронту Карпюка Аляксея Нічыпаравіча

Ліст з фронту Карпюка Аляксея Нічыпаравіча да сваіх бацькоў. Аўтар паведамляе блізкім, што ён жывы, здаровы, вяртаецца ў сваю вайсковую часць пасля ранення, надвор’е цёплае, распускаецца бэз. А.Н.Карпюк піша пра тое, што ўсе салдаты чакаюць апошняга ўдару па фашыстах і хуткай перамогі, каб вярнуцца дадому. Аляксей Нічыпаравіч просіць бацькоў, каб пісалі часцей і паведамлялі пра сваё здароўе.

Ліст з фронту Вярсоцкага Аляксандра Аляксандравіча

Ліст датаваны 19 ліпеня 1944 года. Тэкст ліста на адну старонку. А.А. Вярсоцкі піша, што знаходзіўся ў вайсковай часцы, якая некалькі дзён таму дыслакавалася ў Тбілісі, дзе сустрэў знаёмых Траццяковых, якія здаровыя, жывуць там і працуюць. Паведамляе, што на гэты момант знаходзіцца недалёка ад дому. Просіць напісаць, як яны жывуць, як іх здароўе, ці ацалеў горад (магчыма мае на ўвазе горад Ашмяны). Калі наладзіць сувязь з бацькамі, то апіша падзеі больш падрабязна.

Ліст з фронту Хахуды Аляксея Іванавіча

Ліст з фронту Хахуды Аляксея Іванавіча да Варэнкавай Ніны Антонаўны. Адрасаваны ў г. Сарапул Удмурцкай АССР. Верагодна, у гэтым горадзе ў эвакуацыі знаходзілася маці Аляксея Іванавіча Аніса Карпаўна. Аўтар ліста звяртаецца да сваёй маці і цёткі Вольгі, просіць прабачэння ў родных за тое, што доўга не дасылаў ім паведамленні. У самім лісце Аляксей Іванавіч віншуе родных з 26-й гадавінай Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Ліст-трохкутнік Семянякі Івана Іванавіча

Ліст з фронту Семянякі Івана Іванавіча да сваёй жонкі Надзеі Восіпаўны. Адрасаваны ў в. Вялікія Азяраны Галынкаўскага сельскага савета Вялікабераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці (цяпер у Беластоцкім ваяводстве Рэспублікі Польшча). Аўтар ліста звяртаецца да сваіх дзетак і жонкі, піша, што жыў і здароў, чаго і ім жадае, едзе ў цягніку ўжо дзясятыя суткі на Беласток, будуць ехаць на Бераставіцу, таму хацеў даць жонцы тэлеграму, каб прыехала на станцыю, але не ведаў дакладна, ці будзе цягнік праязджаць праз Бераставіцу. Перадае паклон усім родным і знаёмым, звяртаецца да сваіх дзетак, піша, як паглядзіць на фотакартку, то плача. Піша да жонкі, што вызвалілі Варшаву, ужо блізка каля Кёнігсберга.

Ліст-трохкутнік Белікавай Ганны Васільеўны

Ліст Белікавай Ганны Васільеўны да начальніка ваеннага шпіталя ў г. Ульянаўск з просьбай паведаміць пра яе мужа – чырвонаармейца Белікава Паўла Сямёнавіча, які лячыўся ў шпіталі, у сувязі з тым, што яе лісты вяртаюцца назад.
Белікаў Павел Сямёнавіч нарадзіўся ў 1905 г. у с. Пятроўскае Саракташскага раёна Чкалаўскай (Арэнбургскай) вобл. Рускі. У РСЧА з ліпеня 1941 г. Прызваны Саракташскім РВК Чкалаўскай вобл. На фронце з 19.11.1942 г. Чырвонаармеец, радавы, тэлефаніст артылерыйскага дывізіёна 9 гвардзейскай механізаванай брыгады. Быў паранены. Апошняе месца службы: п/п 28368. З 6 кастрычніка1944 г. лічыцца прапаўшым без вестак.

Ліст-трохкутнік старшага сяржанта Фёдара Кухты

Ліст з фронту старшага сяржанта Фёдара Кухты да сваёй знаёмай Каранцэвіч Людмілы Георгіеўны. Адрасаваны ў школу с. Сямёнаўка Ісык-Кульскага раёна Кіргізскай ССР. Ліст напісаны 8 сакавіка 1944 г., старшы сяржант Ф. Кухта віншуе з Міжнародным жаночым днём сваю знаёмую Людмілу Георгіеўну. З ліста становіцца зразумелым, што гэта настаўніца з Ленінграда, якая эвакуявалася са сваімі дзецьмі ў Кіргізію і працуе ў школе с. Сямёнаўка Ісык-Кульскага раёна. Фёдар Кухта піша, што яе ліст ад 11 лютага атрымаў.